Мэта даследавання – зразумець, хто прадстаўляе сёння беларусаў замежжа, якія сувязі атрымалася выбудаваць беларускай дыяспары ў іншых краінах, якіх поглядаў на развіццё будучыні прытрымліваюцца беларусы ў эміграцыі. Анлайн-апытанне праводзілася з 3 па 30 кастрычніка 2022 года з дапамогай ботаў у дадатках Viber і Telegram. У даследаванні прыняў удзел 1631 рэспандэнт.
Дакладных дадзеных аб колькасці беларусаў у эміграцыі на сённяшні дзень няма, таму наша даследаванне варта ўспрымаць як ілюстрацыю трэндаў і тэндэнцый у беларускай дыяспары, чым як рэпрэзентатыўнае сацыялагічнае апытанне. Вывучаючы беларускую дыяспару, мы засяродзілі ўвагу на такіх яе характарыстыках, як высокі ўзровень агульнай ініцыятыўнасці, згуртаванасці і наяўнасць цесных сувязей з Беларуссю. Усе гэтыя аспекты аб’ядноўвае агульная ўстаноўка на актыўнасць і датычнасць да беларускай аджэнды. Таму далей мы выбудоўваем свае развагі, зыходзячы з таго, што апісаныя ў даследаванні асаблівасці і тэндэнцыі характэрны для ўсёй беларускай дыяспары – гэта значыць актыўнай часткі беларусаў замежжа.