Адным з вынікаў падзей 2020 года шмат хто з экспертаў называў уздым нацыянальнай свядомасці беларусаў. Гэты тэзіс выклікае шмат дыскусій пра перспектывы нашай краіны, пра стан нацыянальнай ідэнтычнасці, пра лёс беларускай мовы і пра неабходнасць у будучыні палітыкі беларусізацыі. Цэнтр новых ідэй разам з ініцыятывай «Народнае апытанне» правялі спецыяльнае даследаванне, каб даведацца, што на гэты конт думаюць беларусы. Дакладней, тая частка беларускага грамадства, якая прытрымліваецца прадэмакратычных поглядаў. Генадзь Коршунаў расказвае, што ўдалося высветліць.
Запатрабаванасць беларускай мовы расце, калі…
У некалькіх апошніх даследаваннях, што ЦНІ рабіў разам з «Народным апытаннем», рэспандэнтам давалі магчымасць выбіраць мову для адказаў на пытанні. Высветлілася цікавая рэч: калі пытанне ідэнтычнасці актуалізуецца мэтанакіравана, тады расце выбар беларускай мовы. Гэта варта мець на ўвазе.
Цікава, што прыкладна такая ж прапорцыя ў выбары мовы трымалася практычна ва ўсіх вылучаных сегментах рэспандэнтаў. Але з некалькімі выключэннямі. Так, адсоткі тых, хто скарыстаўся беларускай мовай, былі меншыя сярод людзей сталага веку (61+) і сярод тых, хто не падтрымлівае пратэст (у апытанні ўзялі ўдзел і такія рэспандэнты, хаця іх было і няшмат).
Сацыяльны канструктывізм ідэнтычнасці
Увогуле, навукоўцы кажуць, што існуюць дзве асноўныя парадыгмы ідэнтычнасці: прымардыялізм (так, гэта навуковы тэрмін) і сацыяльны канструктывізм. Згодна з першым, нацыя яднаецца «крывёй і глебай», а людзі адной нацыянальнасці — нібыта родзічы, хаця і далёкія адно аднаму. Зыходзячы з другой тэорыі нацыі ствараюцца, хутчэй, праз ідэі, і галоўнае тут не паходжанне чалавека, а яго самавызначэнне.
З нашага даследавання вынікае, што беларусы больш схіляюцца ў бок канструктывізму, чым прымардыялізму. Вось што пра гэта сведчыць. У апытанні 89% рэспандэнтаў назвалі сябе беларусамі, што больш-менш супадае са звесткамі апошняга перапісу. У той жа час толькі ў паловы рэспандэнтаў абое бацькоў маюць беларускае грамадзянства і краіну нараджэння Беларусь. Калі зрабіць яшчэ адзін крок углыб сямейнай гісторыі і паглядзець на нашых дзядоў, то доля людзей, чые продкі ў трэцім пакаленні былі беларусамі і нарадзіліся ў Беларусі, складзе ўсяго 25%.
Гэта сведчыць пра тое, што ў справе фармавання ідэнтычнасці сямейная гісторыя і сямейныя традыцыі, пры ўсёй іх важнасці, хутчэй за ўсё, займаюць далёка не першыя месцы. Галоўны чыннік у акрэсленні нацыянальнай ідэнтычнасці — самасвядомасць і самавызначэнне асобы. Тут падаецца відавочным уплыў падзей беларускай рэвалюцыі, якая акурат узняла пытанні самавызначэння — і палітычнага, і грамадзянскага, і нацыянальнага.
Дадам, што пра першае месца самавызначэння для нацыянальнасці чалавека кажуць і самі апытаныя. І гэта цалкам слушна, бо гэтая пазіцыя — сацыяльнага канструктывізму — ужо стала класічным правілам для мадэрнага еўрапейскага часу.
Адчуванне і важнасць ідэнтычнасці
З гэтай нагоды можна казаць, што нацыянальная ідэнтычнасць для сучасных беларусаў (прынамсі, для пратэсна настроеных) — гэта не столькі традыцыя, колькі ўласны набытак, дасягненне і асабіста значны складнік асобы. Тэзіс пра ідэнтычнасць як асабісты набытак падмацоўваецца наступнымі лічбамі: 77,6% апытаных маюць высокае адчуванне сваёй тоеснасці, для 76,2% яна важная (8 балаў і болей).
Тут звяртае на сябе ўвагу тое, што сярод тых, хто выбраў беларускую мову, абодва гэтыя паказчыкі — і ўсведамленне нацыянальнасці, і яе важнасць — вышэйшыя, чым у тых, хто для запаўнення анкеты выбраў рускую мову (па 83% супраць 65% і 61% адпаведна). Гэта адзін момант.
Другі. Высокую ступень усведамлення сваёй нацыянальнасці дэманструюць не толькі прыхільнікі пратэсту, але і праціўнікі. І тут няма парадоксу. У Беларусі цяпер суіснуюць два палітычныя праекты ідэнтычнасці — «нацыянальна-дэмакратычны» і «нацыянальна-савецкі». І кожны з гэтых праектаў мае сваіх паслядоўнікаў, для якіх беларуская ідэнтычнасць важная.
Адсюль вынікае трэці момант — палітызацыя нацыянальнай ідэнтычнасці. Можна заўважыць, што палітызацыя тым ці іншым чынам працінае адказы на шмат якія пытанні далей.
Гістарычны і палітычны складнікі
Практычна палова апытаных (48%) лічыць, што падмуркам ці пачаткам гісторыі беларускай дзяржаўнасці з’яўляюцца старажытныя Полацкае і Турава-Пінскае княствы, на другім месцы (і з гледзішча гісторыі, і паводле важнасці) — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (29%). Але разам з гэтым час ВКЛ — гэта тая эпоха, якая, паводле апытаных, найбольш паўплывала на развіццё беларускага народа. Такога меркавання прытрымліваецца 71% апытаных. Другое месца дзеляць паміж сабой эпоха федэратыўнай Рэчы Паспалітай і час Беларускай Народнай Рэспублікі — па 36%.
У палітычнай плашчыні маем наступнае. Па-першае, практычна ўсе апытаныя (95%) цалкам чакана выказваюцца за тое, што нам не трэба ніякіх саюзаў з Расіяй і стасункі з ёй мы мусім выбудоўваць гэтак жа, як і з іншымі краінамі.
Па-другое, такое стаўленне да Расіі не азначае, што адзіны магчымы варыянт геапалітычнага руху — на Захад, хоць гэта самы папулярны варыянт адказу на пытанне пра тое, якім мусіць быць галоўны кірунак знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі.
Сярод беларусаў дагэтуль папулярная ідэя, што нашай краіне не трэба ні на кога арыентавацца, што ў нас мусіць быць самастойная палітыка, прынамсі так лічаць 35% апытаных. Прычым такая «нейтральная» пазіцыя мае большую падтрымку сярод рускамоўных рэспандэнтаў, чым сярод беларускамоўных.
Трэці момант. Цяпер час ад часу ўзнікаюць дыскусіі адносна такой пасляваеннай перспектывы, як Балта-Чарнаморскі саюз. Вынікі даследавання кажуць, што для дэмакратычнай часткі беларускага грамадства гэтая ідэя можа быць прывабнейшай, чым уваход у ЕС.
Палітыка беларусізацыі
Праведзенае даследаванне даводзіць, што пераважная большасць дэмакратычнай часткі грамадства лічыць: палітыка беларусізацыі мусіць быць. Зразумела, што беларускамоўныя рэспандэнты актыўней выказваюцца на яе карысць.
Адносна хуткасці, з якой трэба ажыццяўляць гэты напрамак палітыкі, таксама ёсць паразуменне, хоць і не такое відавочнае. Так, дзесьці дзве траціны апытаных лічаць, што ў розных галінах грамадства беларусізацыя мусіць ісці рознымі тэмпамі: пра тое, што яе трэба праводзіць максімальна хутка, кажа 21% рэспандэнтаў, а за тое, каб не спяшацца ў гэтым пытанні, выказаліся 13%.
Калі казаць пра «моўнае пытанне», то за адзіную беларускую мову выказаліся 72% апытаных, каб дзяржаўнымі мовамі былі беларуская і руская — 23%, толькі руская — менш за 1%.
Адносна напрамкаў, па якіх мусіла б ісці беларусізацыя, меркаванні «беларускамоўных» і «рускамоўных» рэспандэнтаў крыху разышліся. Так, першыя чакана падтрымліваюць больш радыкальныя захады кшталту пераводу на беларускую мову ўсяго справаводства і школьнай адукацыі. Другія — хутчэй за больш лагодныя падыходы, кшталту папулярызацыі беларускай культуры і проста павелічэння гадзін беларускай мовы ў школе.
У якасці выніку даследавання адзначу наступную думку: быць беларусам сёння — гэта шмат для каго асабісты, няпросты і вельмі важны выбар. Асабісты — бо інстытут сямейнай памяці за савецкім часам шмат у чым быў разбураны і падчас панавання Лукашэнкі ў Беларусі не адноўлены. Няпросты — бо, за выключэннем першых гадоў пасля развалу СССР, развіццё беларушчыны дзяржаўнымі інстытутамі ў нас не стымулявалася, а замаруджвалася ці наўпрост забаранялася. Важны — бо гэта сапраўды асэнсаваны і адказны выбар асобы.
Тое, што беларушчына сёння шмат для каго не традыцыя, а хутчэй адкрыццё, усім нам трэба ўлічваць і працаваць над яе дапаўненнем, сістэматызацыяй і сцверджаннем.
Справаздача даследавання “Беларуская ідэнтычнасць як асабісты набытак” (pdf)