І што яны думаюць пра яўку. Вынікі постэлектаральнага апытання ў графіках.
Яшчэ раз падводзім рэзультаты нашага чэрвеньскага апытання прадэмакратычных беларусаў і беларусак пра выбары ў Каардынацыйную раду — у візуалізаванай форме. У апытанні, праведзеным з 9 па 17 чэрвеня 2024 года, паўдзельнічалі 313 рэспандэнтаў і рэспандэнтак з Беларусі і 662 — з іншых краін.
📌 Толькі 11% беларусаў і беларусак унутры краіны прагаласавалі на выбарах у КР. У замежжы такіх 57%.
📌 Большасць апытаных прынялі рашэнне ўдзельнічаць у галасаванні ці адразу пасля абвяшчэння аб тым, што выбары будуць (58% у Беларусі і 47% у замежжы), ці пасля з’яўлення спісаў для галасавання (13% у Беларусі, 30% у замежжы).
📌 Рашэнне НЕ галасаваць на выбарах у КР было прынята ў асноўным ці пасля абвяшчэння тэхнічных асаблівасцяў галасавання (34% у Беларусі, 31% у замежжы), ці адразу пасля абвяшчэння аб тым, што выбары будуць (16% у Беларусі і 18% у замежжы).
📌 Выніковай яўкай задаволены ці хутчэй задаволены 13% апытаных, расчараваны ці хутчэй расчараваны — 40%. 36% рэспандэнтаў і рэспандэнтак не здолелі ацаніць узровень яўкі, яшчэ 11% увогуле яе не ведаюць.
📌 Галоўнай прычынай паўдзельнічаць у галасаванні для дыяспары стала жаданне прыняць удзел у палітычным жыцці РБ (45% апытаных), дадатковай — выканаць свой грамадзянскі доўг (16%). Рэспандэнты і рэспандэнткі ў Беларусі ў першую чаргу хацелі падтрымаць канкрэтныя палітычныя сілы (29%), а таксама выказаць пратэст супраць рэжыма Лукашэнкі (26%).
📌 Галоўнай прычынай, якая адштурхнула ад ідэі прыняць удзел у галасаванні, стала хваляванне наконт бяспекі (сваёй і блізкіх) — 55% у Беларусі і 19% у замежжы.
Па спасылцы можна прачытаць сем тэзісаў сацыёлага і аналітыка Цэнтра Новых Ідэй Генадзя Коршунава па выніках постэлектаральнага даследавання. А гэтая спасылка адкрыецца без VPN.