• Маніторынг па тэмах
  • Спецпраекты
  • Публікацыі
  • Пра нас
  • Instagram
    Народнае апытанне
    /
    Публікацыі
    /
    Апытанне да гадавіны вайны
    Instagram

    Апытанне да гадавіны вайны

    Згодна з данымі, большасць прадэмакратычных беларусаў упэўнены ў перамозе Украіны, але бачаць усё больш негатыўных наступстваў для Беларусі. Рэспандэнты таксама расказалі, што на перамовах з Украінай хутчэй бачаць сваімі прадстаўнікамі Аб’яднаны кабінет і Святлану Ціханоўскую, чым Зянона Пазняка.

    Апытанне праводзілася 8-12 лютага 2023 года, колькасць апытаных склала 1329 чалавек, усе рэспандэнты на момант праходжання апытання знаходзіліся ў Беларусі.

    Зацяжная вайна, у якой пераможа Украіна

    Пратэсна настроеныя беларусы рэгулярна цікавяцца навінамі, звязанымі з падзеямі ва Украіне, больш за 90% правяраюць навіны на тэму вайны кожны дзень. Гэта не ў апошнюю чаргу абумоўленае тым, што ў 60% апытаных ёсць блізкія, якія пацярпелі ад вайны. Хтосьці сутыкнуўся з эміграцыяй, іншыя – са смерццю блізкіх, стратай матэрыяльных рэсурсаў.

    Нягледзячы на сур’ёзныя наступствы, аптымізм апытаных вырас. У параўнанні з мінулым годам вырасла доля тых, хто верыць у перамогу Украіны (з 63 да 75%). Верагодна, такія вынікі тлумачацца дасягненнямі ВСУ на фронце.

    Пры гэтым усё менш рэспандэнтаў лічаць, што вайна скончыцца хутка. Сёння больш за трэць упэўнены, што падзеі працягнуцца больш за год — ад двух да пяці гадоў.

    Акрамя падзеяў ва Украіне даследчыкі спыталі ўдзельнікаў апытання і пра тое, якіх наступстваў вайны яны чакаюць для Беларусі. Сярод галоўных наступстваў людзі адзначылі пагаршэнне жыцця ў цэлым, новыя санкцыі з боку заходніх краін, а таксама страту суверэнітэту.

    У параўнанні з мінулым годам зменшылася доля тых, хто баіцца, што ўкраінцы будуць бачыць у беларусах ворагаў (з 48 да 29%). Можна меркаваць, што такі вынік звязаны не толькі са зменай меркавання, але і з тым, што беларусы прывыклі да вобразу «ворагаў і агрэсараў».

    Траціна ўпэўнены, што добраахвотнікі будуць вызваляць Беларусь

    Калі на пачатку ваеннай эскалацыі летась беларускія вайсковыя адзінкі толькі фармаваліся, сёння яны сталі яркімі медыйнымі фігурамі. Чакана, 88% пратэстных беларусаў станоўча ставяцца да беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. Амаль такая ж колькасць рэспандэнтаў рэгулярна цікавіцца навінамі палка імя Кастуся Каліноўскага.

    Меркаванні аб палітычнай ролі палка, аднак, падзяліліся. Траціна лічыць, што вайсковая адзінка не павінна займацца палітыкай, у той час як 40% бачаць нармальнай палітычную актыўнасць беларускіх добраахвотнікаў.

    Падзяліліся меркаванні і ў ацэнках імавернасці таго, што беларускія добраахвотнікі ў выпадку перамогі ва Украіне адправяцца вызваляць Беларусь. Траціна ўпэўнена – такая спроба будзе зроблена, яшчэ трэць лічыць такі сцэнар немагчымым. Цікава, што такі падзел прыкладна адлюстроўвае падзел меркаванняў па тым жа пытанні ў публічнай прасторы.

    Да перамоваў з Украінай нельга дапускаць Лукашэнку і Пазняка

    У апошні час шмат якія беларускія апазыцыйныя палітыкі наведваюць Украіну. Так, там часта бываюць прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета, а таксама Зянон Пазняк, Павел Усаў, Зміцер Шчыгельскі. У апытанні рэспандэнтаў папрасілі выказацца аб тым, хто павінен прадстаўляць іх інтарэсы на перамовах па пытаннях Беларусі з украінскім бокам.

    Пратэстна настроеныя беларусы ў большасці лічаць, што ў перамовах іх могуць прадстаўляць Святлана Ціханоўская і яе офіс, а таксама Аб’яднаны пераходны кабінет.

    Адказваючы на пытанне, каго нельга дапускаць да такіх перагавораў, апытаныя адзначылі Аляксандра Лукашэнку (94%) і Зянона Пазняка (29 %).

    Лаяльнасць да Ціханаўскай і палітычных структур, якія выбудаваны вакол яе, чаканая, паколькі аўдыторыя «Народнага апытання» фармавалася падчас пратэстаў 2020 года, у пік масавай падтрымкі Ціханаўскай і іншых новых палітычных сіл.

    Рыхтуюцца да магчымай эскалацыі на тэрыторыі Беларусі

    Не так даўно Святлана Ціханоўская зрабіла заяву, у якой заклікала беларусаў падрыхтавацца да магчымай эскалацыі ваенных дзеянняў у Беларусі. Яна параіла даведацца, дзе знаходзіцца найбліжэйшае бамбасховішча, назапасіцца медыкаментамі і зняць наяўныя грошы.

    Хаця многіх здзівіла такая заява, кожны пяты сярод пратэсных беларусаў успрыняў яе ўсур’ёз. Так, у паловы ёсць аптэчка хуткай дапамогі і запасы ежы, 61% знялі наяўныя грошы, а яшчэ чвэрць апытаных прадумвалі маршруты эвакуацыі ці назапасіліся палівам.

    Верагоднасць пратэсту

    Чакаць актыўнага ўцягвання беларусаў у пратэстныя дзеянні ў сённяшніх умовах было б наіўна. Пры гэтым дзве траціны апытаных адзначаюць, што працягваюць рабіць усё магчымае: пераконваць сваіх сваякоў, распаўсюджваць антываенную інфармацыю ў інтэрнэце.

    Самым верагодным трыгерам для пратэсту па-ранейшаму застаецца перанясенне вайны на тэрыторыю Беларусі і абвяшчэнне частковай мабілізацыі.

    Крыніца артыкула: Zerkalo

    2023вайна ва Украіне